Круглы стол “Харчовая бяспека: глабальныя тэндэнцыі, якасць харчавання насельніцтва, вытворчы і экспартны патэнцыял”
 
		  23 красавіка 2025 г. у Рэспубліканскім навуковым унітарным прадпрыемстве “Інстытут сістэмных даследаванняў у АПК Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі” адбыўся круглы стол “Харчовая бяспека: глабальныя тэндэнцыі, якасць харчавання насельніцтва, вытворчы і экспартны патэнцыял”.
На мерапрыемстве быў прадстаўлены праект Дактрыны нацыянальнай харчовай бяспекі Рэспублікі Беларусь да 2040 года, у якім адзначаны актуальныя мэтавыя крытэрыі развіцця нацыянальнай аграхарчовай сістэмы, новая метадалогія і індыкатары маніторынгу, напрамкі і механізмы рэгулявання ў кантэксце ўмацавання тэхналагічнай незалежнасці АПК.
У рабоце круглага стала прынялі ўдзел прадстаўнікі арганізацый Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь, Дзяржаўнага камітэта па стандартызацыі Рэспублікі Беларусь, вядучыя айчынныя вучоныя і практыкі.
Удзельнікі мерапрыемства падтрымалі асноўныя палажэнні праекта Дактрыны, а таксама падкрэслілі неабходнасць распрацоўкі і ўкаранення ў сістэму маніторынгу індыкатараў забяспечанасці сельскай гаспадаркі айчыннымі матэрыяльна-тэхнічнымі рэсурсамі і тэхналогіямі (насенне, сродкі аховы раслін, угнаенні, ветэрынарныя прэпараты, кармавыя дабаўкі, тэхніка, сродкі цыфравізацыі) з улікам паслядоўнага выхаду на мэтавыя крытэрыі тэхналагічнай незалежнасці АПК.

 
                             
                            


 
          