Рэспубліканскае навуковае ўнітарнае прадпрыемства " Інстытут сістэмных даследаванняў у АПК Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі»
Рэспубліканскае навуковае ўнітарнае прадпрыемства " Інстытут сістэмных даследаванняў у АПК Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі»

Гусакоў Уладзімір Рыгоравіч, акадэмік, доктар эканамічных навук, прафесар, заслужаны дзеяч навукі Рэспублікі Беларусь

Гусакоў Уладзімір Рыгоравіч, акадэмік, доктар эканамічных навук, прафесар, заслужаны дзеяч навукі Рэспублікі Беларусь

Нарадзіўся 12 лютага 1953 г. у в. Батвінава Чачэрскага раёна Гомельскай вобласці. Прайшоў усе ступені прафесійнага, навуковага і творчага росту. У 1976 г. скончыў эканамічны факультэт Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі. З 1976 па 1979 г. працаваў у калгасе «17 партз'езд» Слаўгарадскага раёна Магілёўскай вобласці на пасадзе галоўнага эканаміста. 1979–1981 гг. – аспірант Беларускага НДІ эканомікі і арганізацыі сельскай гаспадаркі. З 1981 па 1985 г. – малодшы навуковы супрацоўнік Беларускага НДІ эканомікі і арганізацыі сельскай гаспадаркі. У 1984 г. абараніў дысертацыю на суісканне вучонай ступені кандыдата эканамічных навук «Эканамічная ацэнка эфектыўнасці працы работнікаў агранамічнай службы» у Латвійскай сельскагаспадарчай акадэміі, г. Елгава. З 1985 па 1988 г. – старшы навуковы супрацоўнік Беларускага НДІ эканамічных праблем АПК. У 1989–1991 гг. – дактарант Усесаюзнага НДІ (цяпер Усерасійскі) эканомікі сельскай гаспадаркі, г. Масква. 1992–1994 гг. – загадчык сектара інтэграцыі і кааперацыі Беларускага НДІ эканамічных праблем АПК. У 1994 г. абараніў дысертацыю на суісканне вучонай ступені доктара эканамічных навук «Аграрная рэформа і фарміраванне рынкавага гаспадарчага механізму: на матэрыялах сельскай гаспадаркі Беларусі, пытанні тэорыі і метадалогіі». Прысуджана вучоная ступень доктара эканамічных навук.

У 1994 г. прызначаны на пасаду дырэктара Беларускага НДІ эканомікі і інфармацыі АПК. У 1996 г. абраны членам-карэспандэнтам Акадэміі аграрных навук Рэспублікі Беларусь, у 1997 г. – віцэ-прэзідэнтам Акадэміі аграрных навук Рэспублікі Беларусь. У 1998 г. прысвоена вучонае званне прафесара. У 1999 г. абраны акадэмікам (сапраўдным членам) Акадэміі аграрных навук Рэспублікі Беларусь.

У 2002 г. прызначаны віцэ-прэзідэнтам Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі і адначасова акадэмікам-сакратаром Аддзялення аграрных навук НАН Беларусі (з захаваннем пасады дырэктара Інстытута аграрнай эканомікі), абраны акадэмікам Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, а таксама акадэмікам Украінскай акадэміі аграрных навук. У 2004 г. стаў ганаровым доктарам Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі, прызначаны намеснікам Старшыні Прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, прысвоена званне заслужанага дзеяча навукі Рэспублікі Беларусь.

У кастрычніку 2013 г. У. Р. Гусакоў прызначаны Старшынёй Прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Пасля прызначэння ён працягвае актыўную навуковую дзейнасць у галіне аграрнай эканомікі, з'яўляецца кіраўніком шэрагу праграм фундаментальных і прыкладных даследаванняў у АПК і эканоміцы, рэдактарам і ініцыятарам буйных распрацовак і выданняў.

Навуковая дзейнасць У. Р. Гусакова ахоплівае шырокую праблематыку аграэканамічных пытанняў. На першым этапе гэта ўдасканаленне сістэмы кіравання і кіраўніцкай працы ў АПК, рацыянальная арганізацыя розных мадэляў гаспадарчага разліку. Пасля навуковыя намаганні вучонага накіраваны на пазнанне асноў рынкавай эканомікі, фарміраванне і адаптацыю прынцыпаў рынку да найноўшай практыкі Беларусі, распрацоўку тэорыі пераходнага перыяду.

Гусакоў з'яўляецца першым буйным даследчыкам і распрацоўшчыкам гаспадарчага механізму АПК Беларусі рынкавага тыпу. Таму асноўны акцэнт ім зроблены на актывізацыю даследаванняў і распрацовак мадэляў і механізмаў эканомікі краіны ў вобласці: аграпрамысловай кааперацыі і інтэграцыі; дзяржаўнага рэгулявання АПК; харчовай бяспекі і незалежнасці; знешнеэканамічных адносін як найбольш актуальных пытанняў для сучаснай практыкі эфектыўнай арганізацыі АПК. Вялікая ўвага ў даследаваннях У. Р. Гусакова нададзена распрацоўцы перспектыўнай аграрнай палітыкі і сцэнарыяў доўгатэрміновага ўстойлівага развіцця АПК, комплексу мер па стабілізацыі сацыяльна-эканамічнага становішча аграрнай вытворчасці ў Беларусі. Асабістай заслугай яго стала ініцыятыва і арганізацыя распрацоўкі нарматыўнай асновы вядзення сельскай гаспадаркі.

У названы перыяд пад кіраўніцтвам і пры яго ўдзеле распрацаваны найбольш значныя дзяржаўныя канцэпцыі, стратэгіі і праграмы развіцця АПК: Канцэпцыя аграрнай рэформы ў Рэспубліцы Беларусь (1995 г.), Канцэпцыя сацыяльна-эканамічнага развіцця аграпрамысловага комплексу Рэспублікі Беларусь (1995 г.), Дзяржаўная праграма рэфармавання аграпрамысловага комплексу (1996 г.), Навуковыя асновы перспектыўнага развіцця аграпрамысловага комплексу Рэспублікі Беларусь( 1996 г.), Рынкавая стратэгія аграрнай галіны ў сферы якасці (1997 г.), Стратэгія і тактыка фарміравання эфектыўнай рынкавай эканомікі (1998 г.), Нарматывы працоўных і матэрыяльных затрат для бізнес-планавання і ўкаранення дзяржразліку ў сельскагаспадарчых прадпрыемствах (1998 г.), Прагноз сацыяльна-эканамічнага развіцця аграпрамысловага комплексу Рэспублікі Беларусь да 2015 г. (1999 г.), Канцэпцыя і праграма харчовай бяспекі Рэспублікі Беларусь (1999 г.), Рэкамендацыі па рэфармаванні калгасаў і рынкавыя структуры (2000 г.), Рэкамендацыі па пераўтварэнні і рэструктурызацыі дзяржаўных сельскагаспадарчых прадпрыемстваў на аснове прыватызацыі (2000 г.), Рэспубліканская праграма павышэння эфектыўнасці аграпрамысловага комплексу на 2000–2005 гады (2000 г.), Прагноз развіцця міжрэгіянальных харчовых і сыравінных сувязяў і ўдасканалення ўнутрыгаспадарчага падзелу працы (2000 г.), Механізм рыначнага развіцця аграрна-прамысловага комплексу Беларусі (навуковыя асновы, 2000 г.), Праграма ўдасканалення АПК Рэспублікі Беларусь на перыяд да 2005 года (2001 г.), Вучэбны метадычны і практычны дапаможнік «Рэфармаванне аграпрамысловага комплексу» (2002 г.), Дзяржаўная праграма адраджэння і развіцця вёскі на 2005–2010 гады, Дзяржаўная праграма ўстойлівага развіцця вёскі на 2011–2015 гады, Дзяржаўная праграма развіцця аграрнага бізнесу ў Рэспубліцы Беларусь на 2016–2020 гады.

Гусакоў – ініцыятар і кіраўнік распрацаванай і прынятай у снежні 2017 г. Дактрыны нацыянальнай харчовай бяспекі Рэспублікі Беларусь да 2030 года.

Упершыню за ўсю гісторыю існавання ў Беларусі аграрна-эканамічнай навукі ім створаны савет па абароне доктарскіх дысертацый у інстытуце. Уладзімір Рыгоравіч арганізаваў выдавецтва навуковага часопіса “Аграэканоміка “(1995 г.), пасля перайменаванага ў “Аграрную эканоміку”, а таксама выданне навуковых даследаванняў у двух тэматычных серыях: “Навуковыя прынцыпы” і “Харчовая бяспека". З'яўляецца галоўным рэдактарам і членам рэдкалегіі шэрагу выданняў аграэканамічнага профілю. Спіс яго публікацый налічвае больш за 1700 найменняў, з іх 40 кніг і манаграфій.

За гады навуковай дзейнасці акадэмік стварыў вялікую навуковую школу. Пад яго кіраўніцтвам 26 суіскальнікаў атрымалі навуковую ступень доктара эканамічных навук, 16 – кандыдатаў эканамічных навук. Вучні У. Р. Гусакова сталі вядомымі ў сваёй галіне спецыялістамі, сярод якіх адзін акадэмік і чатыры члены-карэспандэнты Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.

У. Р. Гусакоў узнагароджаны нагрудным знакам адзнакі імя У. М. Ігнатоўскага Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, ордэнам «За заслугі» III ступені (Украіна), Ганаровай граматай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь, Ганаровай граматай Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, нагрудным знакам «Сярэбраны медаль Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі «За дасягненні ў навуцы», Ганаровай граматай Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь, ордэнам свяціцеля Кірыла Тураўскага, нагрудным знакам «Юбілейны медаль «У гонар 80-годдзя Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі», Ганаровай граматай Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, медалём і дыпломам Амерыканскага біяграфічнага інстытута (ЗША), Ганаровым знакам Украінскай акадэміі аграрных навук, медалём Шчэцынскай сельскагаспадарчай акадэміі (Польшча), Ганаровай граматай Вышэйшай атэстацыйнай камісіі Рэспублікі Беларусь, дыпломам і медалём Міжнароднай асацыяцыі акадэміі навук (МААН) «За садзейнічанне развіццю навукі», медалём «За заслугі» за ўдзел у рэалізацыі касмічных праектаў і праграм, нагрудным знакам пакістанскай Акадэміі навук, нагрудным знакам Індыйскай акадэміі навук, медалём Малдаўскай акадэміі навук. Уладзімір Рыгоравіч з'яўляецца таксама замежным членам Расійскай акадэміі навук, Нацыянальнай акадэміі аграрных навук Украіны, Расійскай акадэміі сельскагаспадарчых навук, Акадэміі сельскагаспадарчых навук Рэспублікі Казахстан, Латвійскай акадэміі сельскай і лясной гаспадаркі, Латвійскай Акадэміі навук, акадэмікам Міжнароднай акадэміі інфармацыйных працэсаў і тэхналогій.

 

Крыніца. 1. Беларуская акадэмічная навука: 100 гадоў / Нацыянальная акадэмія навук Беларусі ; пад рэд. У. Р. Гусакова. – 2-е выд., дап. – Мінск : Беларуская навука, 2022. – 746 с.: іл.

2. Нацыянальная акадэмія навук Беларусі. 95 гадоў / Нацыянальная акадэмія навук Беларусі ; пад рэд. У. Р. Гусакова. – Мінск : Беларуская навука, 2023. – 653 с.: іл.

3. Уладзіміру Рыгоравічу Гусакову да 70-годдзя з дня нараджэння / уклад. А. У. Піліпук, Т. А. Запрудская, М. І. Салаўцоў. – Мінск : Інстытут сістэмных даследаванняў у АПК НАН Беларусі, 2023. – 89 с.

 

З дадатковай інфармацыяй і пералікам навуковых прац можна азнаёміцца:

https://nasb.gov.by/rus/about/organy-upravleniya/

http://aw.belal.by/russian/science/research/personalrus/gusakov/index.htm