Выдавецкая дзейнасць
Выдавецкая дзейнасць

Распаўсюджванне і прапаганда навуковых ведаў, укараненне вынікаў навуковых распрацовак з'яўляюцца найважнейшымі састаўляючымі дзейнасці інстытута. Рэалізацыі гэтых задач спрыяе выданне навуковай, вытворча-практычнай і даведачнай літаратуры. Яе тэматыка шырокая і шматгранная: сучасны стан і праблемы эканомікі, напрамкі павышэння эфектыўнасці вытворчасці, метадалагічныя падыходы да фарміравання эфектыўных мадэляў аграрнага бізнесу, напрамкі ўдасканалення фінансавага, цэнавага і інвестыцыйна-інавацыйнага механізмаў развіцця АПК, метадычныя прапановы па дасягненні збалансаванасці нацыянальных прадуктовых рынкаў, удасканаленне арганізацыйна-эканамічных адносін і інш.
Інстытут выдае ад 20 да 40 кніг і брашур у год, у тым ліку штогод: міжведамасны тэматычны зборнік “Эканамічныя пытанні развіцця сельскай гаспадаркі Беларусі”(выдаецца з 1972 г., у 2021 г. уключаны ў пералік навуковых выданняў Рэспублікі Беларусь для апублікавання вынікаў дысертацыйных даследаванняў), вынікі прыкладных (“Навуковыя прынцыпы рэгулявання і развіцця АПК: прапановы і механізмы рэалізацыі”, выдаецца з 1996 г.) і фундаментальных (выдаецца з 2007 г.) даследаванняў, выкананых у рамках дзяржаўных праграм, маніторынг нацыянальнай харчовай бяспекі Рэспублікі Беларусь.
Выдавецкая дзейнасць на працягу многіх гадоў ажыццяўлялася на падставе ліцэнзій на выдавецкую і паліграфічную дзейнасць, з 2013 г. – пасведчання аб дзяржаўнай рэгістрацыі выдаўца, вытворцы, распаўсюдніка друкаваных выданняў ад 20.09.2013 г. № 1/39.
Акрамя таго, навуковыя дасягненні шырока асвятляюцца ў сродках масавай інфармацыі: вучоныя выступаюць з паведамленнямі на радыё і на тэлебачанні, на міжнародных і рэспубліканскіх канферэнцыях, публікуюць 200–250 артыкулаў у год у часопісах і газетах, у тым ліку замежных.
Інстытут сумесна з Нацыянальнай акадэміяй навук Беларусі з'яўляецца заснавальнікам часопіса “Аграрная эканоміка”.
“Аграбюлетэнь” – такой была першая назва часопіса “Аграэканоміка” – пачаў выдавацца ў 1995 г. Навукова-даследчым інстытутам эканомікі і інфармацыі АПК, які з'яўляўся яго заснавальнікам, як вынік рэалізацыі Праекта інфармацыйнага забеспячэння сельскай гаспадаркі у рамках Праграмы ТАСІС для Рэспублікі Беларусь. Спачатку гэта было толькі інфармацыйнае выданне, у якім публікаваліся макраэканамічныя статыстычныя даныя, урадавыя рашэнні ў галіне сельскай гаспадаркі, сусветныя цэны на матэрыяльныя рэсурсы і сельгаспрадукцыю.
Чацвёрты нумар “Аграбюлетэня” выйшаў пад назвай “Аграэканоміка”. Сталі з'яўляцца першыя аналітычныя матэрыялы – вынікі даследаванняў вучоных, эканамістаў-аграрыяў, значна павялічыўся аб'ём выдання.
З кастрычніка 2000 г. “Аграэканоміка” стала навукова-вытворчым часопісам. Да гэтай мяжы выданне падышло з пастаянным аб'ёмам, пастаяннымі раздзеламі і дызайнам, а галоўнае – з пастаяннымі аўтарамі і чытачамі. “Аграэканоміка” стала вядома многім спецыялістам аграпрамысловага комплексу Беларусі.
З 2006 г. часопіс выходзіць пад назвай “Аграрная эканоміка”. Сёння гэта аўтарытэтны навуковы часопіс, запатрабаваны ў дзяржаўных органах кіравання, навуковых установах, аграпрамысловых прадпрыемствах.

