ПРАКАПЕНКА Мікалай Фёдаравіч, доктар эканамічных навук, прафесар
Узначальваў інстытут у 1975–1985 гг.
У гэты перыяд інстытут уяўляў сабой буйны цэнтр аграэканамічнай навукі. Ён з'яўляўся галаўной арганізацыяй Рэспубліканскага навукова-эканамічнага аб'яднання па сельскай гаспадарцы, у якое ўваходзілі Рэспубліканскі галаўны інфармацыйна-вылічальны цэнтр і Беларускі рэспубліканскі цэнтр навуковай арганізацыі працы Міністэрства сельскай гаспадаркі. Вялася распрацоўка тэарэтычных і прыкладных аграрна-эканамічных праблем народна-гаспадарчага значэння. Упершыню ў краіне па метадычных распрацоўках інстытута створаны тэрытарыяльныя вытворчыя сельскагаспадарчыя аб'яднанні.
Для БелНИИЭОСХ былі характэрныя: тэарэтычныя даследаванні, сувязь з практыкай, эксперыментальная праверка методык і рэкамендацый, шырокае ўкараненне іх у вытворчасць. Ажыццяўляліся комплексныя распрацоўкі па спецыялізацыі і канцэнтрацыі сельскагаспадарчай вытворчасці ў разрэзе адміністрацыйных раёнаў рэспублікі.
Асаблівую ролю М. Ф. Пракапенка адыграў у распрацоўцы праблемы якасці працы і прадукцыі як у маштабах былога СССР, так і краін СЭВ. М. Ф. Пракапенкам была створана тэорыя якасці працы, тэорыя фарміравання, кіравання якасцю прадукцыі. Дасягненні інстытута ў дадзенай вобласці былі прызнаныя на агульнасаюзным узроўні: Міністэрствам сельскай гаспадаркі СССР і Дзяржаўным камітэтам СССР па навуцы і тэхніцы інстытут быў зацверджаны галаўной установай па распрацоўцы праблемы якасці ў сельскай гаспадарцы СССР. Пад кіраўніцтвам М. Ф. Пракапенка над распрацоўкай праблемы якасці працавалі звыш 50 НДІ і іншых навуковых арганізацый СССР. Інстытут з'яўляўся галаўным у рэспубліцы па распрацоўцы сістэм вядзення сельскай гаспадаркі, забяспечыў распрацоўку 52 галіновых тэхналагічных рэгламентаў, гэта значыць амаль на ўсе віды сельскагаспадарчай прадукцыі і ўсе працэсы, аперацыі па яе вытворчасці.
У 1986–1989 гг. была створана Комплексная сістэма кіравання якасцю працы і прадукцыі ў сельскагаспадарчым прадпрыемстве. У 1987 г. яна была зацверджана і рэкамендавана да выдання для калгасаў і саўгасаў краіны, а пазней адобрана Дзяржстандартам СССР. Распрацавана методыка стандартызацыі тэхналагічных працэсаў сельскагаспадарчай вытворчасці. Было створана і зацверджана больш за 40 галіновых стандартаў. Вынікі даследаванняў па комплекснай сістэме кіравання якасцю працы і прадукцыі эфектыўна ўжываліся ў сельскагаспадарчых прадпрыемствах многіх рэспублік былога СССР.
Крыніца. 1. Беларуская акадэмічная навука: 100 гадоў / Нацыянальная акадэмія навук Беларусі ; пад рэд. У. Р. Гусакова. – 2-е выд., дап. – Мінск : Беларус. навука, 2022. – 746 с.: іл.
2. Нацыянальная акадэмія навук Беларусі. 95 гадоў / Нацыянальная акадэмія навук Беларусі ; пад рэд. У. Р. Гусакова. – Мінск : Беларус. навука, 2023. – 653 с.: іл.
З пералікам навуковых прац М. Ф. Пракапенкі можна азнаёміцца:
https://e-catalog.nlb.by/Search/Results?lookfor=Прокопенко+Н.Ф.&type=Author&limit=20&sort=relevance