Навукова-практычны семінар «Рашэнне праблемы самазабеспячэння раслінным бялком у Рэспубліцы Беларусь»

29 лістапада 2023 г. у г. Жодзіна на базе РУП “Навукова-практычны цэнтр НАН Беларусі па земляробстве” прайшоў навукова-практычны семінар “Рашэнне праблемы самазабеспячэння раслінным бялком у Рэспубліцы Беларусь”, у якім у фармаце відэаканферэнцыі прынялі ўдзел супрацоўнікі інстытута.
Гарбатоўскі А.В., кандыдат эканамічных навук, загадчык сектара эканомікі галін, у сваім дакладзе “Эканамічныя аспекты і рашэнні ў галіне павышэння забяспечанасці жывёлагадоўлі ўласным раслінным бялком” адзначыў сучасныя тэндэнцыі ў нарыхтоўцы кармоў, іх недастатковую збалансаванасць па бялку, што стрымлівае тэмпы нарошчвання прадуктыўнасці жывёл. Асобным блокам вылучыў пытанні эканомікі вытворчасці зернебабовых, спыніўшыся на рэгіянальных аспектах размяшчэння і прадуктыўнасці культуры, на навуковых падыходах да абгрунтавання індыкатыўных параметраў, межаў выкарыстання рэсурсаў для паспяховага развіцця галіны.
Лобан А.Г., магістр эканамічных навук, навуковы супрацоўнік сектара эканомікі галін, прадставіў даклад на тэму “Павышэнне эфектыўнасці сельскагаспадарчых арганізацый праз фарміраванне збалансаваных рацыёнаў па бялку”, у якім адзначыў ступень забяспечанасці кармамі ў сельскагаспадарчых арганізацыях, эфектыўнасць вырошчвання асобных кармавых культур, а таксама значнасць бялковага кампанента пры фарміраванні збалансаваных рацыёнаў для павышэння вытворча-эканамічных паказчыкаў суб'ектаў гаспадарання.